15.02.2020 г. Запрашаем на вячоркі
Запрашаем на вячоркі
Мэта: пашырэнне ведаў вучняў пра асноўныя духоўныя каштоўнасці беларускага народа, яго традыцыі і культуру.
Задачы:
- абагульніць і пашырыць веды аб традыцыях беларускага народа шляхам правядзення беларускіх вячорак;
- садзейнічаць выхаванню гонару, любві і павагі да гістарычнай спадчыны беларускага народа;
- развіваць нацыянальную самасвядомасць, грамадзянскасць і адказнасць;
- выхоўваць павагу і любоў да культурнай спадчыны роднага краю.
Ход мерапрыемства
Настаўнік Сёння ў нашай хаце свята!
I гасцей як тут багата!
Усіх на свята запрашаем
I сардэчна вас вітаем —
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей.
Прывітанне, паважаныя госці! У нас існуе добры звычай — вітаць гасцей хлебам і соллю, якія падаюць на ручніку.
Мы звычай зямлі сваёй зберагаем,
Гасцей дарагіх хлебам-соллю вітаем!
(Кладзе хлеб і соль на стол.)
Рака нараджаецца з ручая, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць пачынаюцца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры. Каб бліжэй пазнаёміцца з культурай Беларусі, давайце зазірнём у хату да дзядзькі Цярэшкі і цёткі Васіліны.
(Ва ўпрыгожанай хаце гаспадыня, спяваючы, вышывае сурвэтку, гаспадар нешта габлюе. Чуецца грукат у дзверы.)
Васіліна. Цярэшка, ці не дзяўчаты прыйшлі да нас? Сёння ж у нашай хаце вячоркі!
Цярэшка. Ну, калі так, трэба гасцей сустракаць, пайду дзверы адчыню.
(Адчыняе дзверы, у хату ўваходзяць госці.)
Госці (спяваюць).
На вячоркі мы ідзём —
Дарагія дзевачкі,
Гарманіст у нас харошы,
Грае нам прыпевачкі.
Васіліна. Добры вечар, дзяўчынкі-весялінкі! Уваходзьце, калі ласка!
Цярэшка.
Ой, сябры! Вітаем вас!
Заходзьце хуценька да нас!
Сёння наша хата
Весялосцю багата!
1-я дзяўчынка. Паглядзіце, як прыгожа прыбрана хата ў цёткі Васіліны!
(Дзяўчаты разглядаюць хату, Васіліна паказвае, што дзе ёсць.)
Васіліна.
А я сёння рана ўстала,
Ручнік гладдзю вышывала.
Вось які ён у мяне прыгожы атрымаўся!
А гэта вось сатканы абрус з узорам,
Каб стол быў засланы святочным уборам.
А вось ляжыць палавік паласаты —
Гэта ўбор вясковай хаты.
А цяпер, любыя госці,
Просім у вас мілосці,
Каб вы так не сядзелі,
А ў руках справу мелі.
Сядайце, калі ласка.
(Усе сядаюць. Хто пляце, хто вышывае, хто кудзелю прадзе, хто клубкі матае. Працуючы, усе размаўляюць паміж сабою.)
2-я дзяўчынка.
А мы лён ірвалі,
У снапы вязалі,
Аббівалі, у полі слалі.
Урадзіўся ў нас лянок,
Белы, слаўны кужалёк.
3-я дзяўчынка.
I мы многа працавалі,
Сеялі, палолі, рвалі,
Пражу пралі,
Кросны ткалі.
Выйшлі посцілкі на славу,
Хоць на ложак, хоць на лаву.
Васіліна.
Вось якія чараўніцы,
Вось якія ўсе майстрыцы:
Возьмуць у рукі палатно —
Ажывае ў іх яно.
Каб было лепш працаваць,
Трэба песню заспяваць.
Працуючы, усе спяваюць песню “Як прачнуся я ў панядзелак”. Чуецца грукат у дзверы.
Цярэшка.
Яшчэ нехта грукоча,
Вельмі на вячоркі хоча.
Пайду сустракаць.
(У хату ўваходзяць хлопцы.)
Хлопчык.
Як павялося пры сустрэчы,
Вітаем шчыра: добры вечар!
Васіліна.
Добры вечар, хлопчыкі-малойчыкі!
Мілосці просім да нас у госці!
Вячоркі чакаюць гасцей.
Уваходзьце ў хату хутчэй!
Сядайце, далучайцеся да працы.
(Усе працуюць, гучыць музыка.)
Васіліна. Цярэшка, што ты маўчыш як вады ў рот набраўшы? Раскажы што-небудзь цікавае.
Цярэшка.
Зараз, сэрца залатое.
Колісь баба, дзед жылі,
Куры, гусі ў іх былі,
Парасяты і бычкі,
Добра жылі старычкі.
(Уваходзяць баба і дзед, спрачаюцца.)
Пабачце, вось лёгкія на ўспамін — да нас завіталі!
Баба. Я табе кажу: не прадам! Дзед. А я табе кажу: прадасі! Баба. Не прадам!
Дзед. Прадасі!
Васіліна. Пачакайце, пачакайце, а што гэта ў вас за спрэчка?
Дзед.
Вось хвалёна гаспадыня мая,
Мне не мытую сарочку дала,
Не мытую, не качаную,
У суседа пазычаную.
Баба. А ты што, лепшы за мяне — такога бычка хоча збыць!
Дзед.
Ды забярыце вы і кароўку,
Свабадзіце ёй галоўку,
Бо не ўмее ні кароўку даіць,
Бо не ўмее ні цадзілку памыць,
Толькі ўмее па вяселлях хадзіць.
Васіліна. Хопіць вам спрачацца! Кажуць, вы прыгожа танцуеце. Патанцуйце, а мы паглядзім.
Баба. Танцаваць мы вельмі любім, давай патанцуем.
Дзед з бабай танцуюць “Падыспан".
Цярэшка. А давайце я вашага бычка куплю.
Баба. А колькі ты за яго дасі?
Цярэшка.
Торбу грошай на ўдачу,
Ды яшчэ мяне ў прыдачу.
Баба.
Ну, калі так, я згодна.
Торбу грошай на ўдачу
Ды Цярэшку ў прыдачу.
(Дзеду.)
Цяпер пойдзеш ты, дзядок,
3 бычком разам у хлявок.
Васіліна. Ну, хопіць жартаваць, я свайго Цярэшку не прадаю, мне і самой ён патрэбны. Сядайце лепей, далучайцеся да нас. Нашы продкі хадзілі на вячоркі з рознай работай. Давайце і мы ўспомнім гэты звычай.
(Конкурс “Хуткі клубок”)
З куфэрка дастаюцца клубкі з ніткамі і прапануецца гасцям пераматаць іх на шпулькі на хуткасць
Цярэшка. Давайце будзем працаваць ды загадкі адгадваць.
- Не кароль, а ў кароне,
Не гусар, а пры шпорах.
Гадзінніка не мае, а час знае. (Певень)
- З людзьмі сябруе, хату вартуе,
Жыве пад ганкам, хвост абаранкам. (Сабака)
- Чорная карова ўсіх людзей пакалола,
а белая ўстала, усіх пападымала (Ноч і дзень).
- Ляціць без крыл па сто міль (Вецер).
- Сядзіць паня ў каморы, яе косы на дворы (Морква).
- Ні вокан ні дзвярэй - поўна хатка людзей (Агурок)
- Ідзе-ідзе, а з месца не сойдзе (Гадзіннік).
- Усіх возіць, а сам пехатою ходзіць. (Конь)
Васіліна. А зараз пацехі для смеху. Хто з вас ведае жартоўныя дражнілкі-лічылкі?
(Гасцям прапануецца агучыць дражнілкі, запісаныя на лістках )
- Антось барадаты вёў
Казу каля хаты,
Антаніна паганяла,
На цукеркі зарабляла.
- Віця, Віця, Віцяля
З’еў карову і цяля.
I дванаццаць парасят,
Толькі хвосцікі вісяць.
- Сяргей-верабей на кані катаўся,
Рукі, ногі паламаў,
Без штаноў застаўся.
- Дзядзя Коля-велікан
У валіўся ў стакан.
У стакане малако,
Дзядзя Коля ... Ко, ко, ко!
Васіліна. Хопіць вам дражніцца. Давайце лепей весяліцца! А давайце пагуляем у гульню “Сініцы”
(У пакоі ставіцца двайная лава з крэслаў – “галінка для сініц”. Усе ўдзельнікі пад музыку ходзяц вакол лавы. Калі музыка перастае гучаць, “сініцы” садзяцца на “галінку”. Той, каму не хапіла месца, выбывае з гульні, а “галінка” памяншаецца – прымаецца адно крэсла. Гульня працягваецца ды таго часу, пакуль не застанецца адзін удзельнік – пераможца.)
(Усе гуляюць. Потым чуецца грукат у дзверы.)
Васіліна. Яшчэ нехта спяшаецца да нас у хату. Цярэшка, ідзі паглядзі, ты маладзейшы за мяне.
(У хату ўваходзіць дзед Цімох, на баку ў яго вісіць вялікая торба.)
Дзед Цімох. Добры дзень у вашу хату.
Цярэшка. А вось і дзед Цімох завітаў да нас. I табе, старому, дома не сядзіцца? Заходзь, калі ласка. Якая ў цябе вялізная торба! Што гэта ты ў ёй носіш?
Дзед Цімох. А гэта ж я ў ёй вам шмат падарункаў прынёс.
Цярэшка (глядзіць у торбу). Ніякіх падарункаў я тут не бачу.
Дзед Цімох. Ты што, сляпы? Хіба не бачыш, якая там дзірка вялікая? Гэта ж іду я праз млын, а там зайцоў, зайцоў бегае. Ну дык я іх у торбу, у торбу. Вось і назбіраў поўную торбу, а яны праз гэтую дзірку і паўцякалі.
Васіліна. А каб цябе, дзед Цімох! Гэта ж трэба нам так галаву задурыць, каб разоў дзвесце нахлусіць!
(Дзед Цімох праходзіць і сядае на скамейку.)
Дзед Цімох. Цярэшка, людзі кажуць, што твая жонка навучылася вельмі смачна гатаваць. Праўду кажуць ці не?
Цярэшка. Усяк бывае, кажуць, што і каўбаса страляе. Гатаваць мая жонка навучылася добра, гэта праўда.
Васіліна. Ой, госцейкі мае даражэнькія, я вас чакала ды пірог пякла, а гаспадар квасу нарабіў. Цярэшка, квас нясі.
(Цярэшка ідзе па квас, а Васіліна раздае пірог і прыгаворвае:)
Сёння мы вячоркі святкуем,
Усіх гасцей пірагом частуем:
I Андрэя, і Алеся, і Колю.
Наядайцеся ўволю.
Цярэшка (нясе збан з квасам і налівае. Усе частуюцца)
Дзяўчынка. Дзякуй за смачны пірог ды цудоўны квас, але позна ўжо, пара дамоў збірацца. Нагуляліся самі, людзей павесялілі дый работу зрабілі. Заўтра рана ўставаць, ісці працаваць, бо без працы няма чаго хлеба шукаці. Давайце заспяваем напаследак.
Выконваецца песня "На вуліцы гармонь грае"
Усе.
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
А я пайду пагуляю,
А я пайду пагуляю.
Хлопцы.
У мяне шапка на баку,
У мяне шапка на баку,
А ў кішэні грошы,
А ў кішэні грошы.
Паглядзіце на мяне,
Паглядзіце на мяне,
Які я харошы,
Які я харошы.
Дзяўчаты.
У цябе ў кішэні грошы,
У цябе ў кішэні грошы,
Які ж ты харошы,
Які ж ты харошы.
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
Пойдзем разам пагуляем,
Пойдзем разам пагуляем.
Дзед Цімох.
Бывайце здаровы
Ды ў шчасці жывіце.
А прыйдзем у госці —
Дык квасу наліце.
Усе выходзяць пад музыку.
Настаўнік. Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае. Мы сустрэліся з добрымі, ветлівымі, дасціпнымі людзьмі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Настала пара і нам з вамі развітвацца. Жывіце ў згодзе і радасці, вучыцеся ў нашых продкаў муд